Відзы
Відзы
Гарадскі пасёлак з цікавай і незвычайнай назвай Відзы размяшчаецца ва ўпадабаным турыстамі кутку Беларусі – на Браслаўшчыне. Ад Браслава ён знаходзіцца ў 40 кіламетрах, акрамя таго, праз Відзы праходзіць траса Р27, якая вядзе праз Браслаў, Паставы і Мядзель. Мястэчка размешчана ў пяці кіламетрах ад мяжы з Літвой і з'яўляецца памежнай зонай. Мясцовасць вельмі маляўнічая, бо нездарма, менавіта дзякуючы Браслаўскім азёрам, Беларусі далі мянушку сінявокай. Тут таксама непадалёк знаходзіцца некалькі невялікіх азёр. Аднак не толькі сваім хараством славіцца гэта мястэчка з 1670 жыхарамі. Яно набыло папулярнасць у першую чаргу дзякуючы сваёй гісторыі і багатай архітэктурнай спадчыне.
Гісторыя мястэчка Відзы
Пра паходжанне назвы мястэчка існуе займальная легенда. Расказваюць, што аднойчы праязджаў тут пан са сваёй дачкой. Дзяўчына была вельмі зграбная і прыгожая, але, на жаль, сляпая. Бацька з дачкой спыніліся каля крыніцы, і дзяўчына, абмыўшы твар, раптам ускрыкнула: «Відзай! Відзай!», што азначала – «Бачу! Бачу!». Узрадаваны вылячэннем, у падзяку бацька дзяўчыны заснаваў тут касцёл. Вакол яго неўзабаве ўтварылася селішча, якое і назвалі Відзамі.
Аднак гэта толькі прыгожая легенда. Згодна афіцыйнай версіі, назва паходзіць ад фіна-ўгорскага слова «відзэ», што ў перакладзе азначае «сенажаць, пакос».
У пісьмовых крыніцах Відзы згадваюцца з XV стагоддзя. Заснавалі мястэчка Нарушэвічы, пасля іх Відзы змянілі нямала гаспадароў. Сярод іх былі прадстаўнікі шляхетных родаў – Даўгардовічы, Гаштольды, Пацы, Ваўжэцкія і інш. Здаўна мястэчка было шматканфесійным: тут мірна суіснавалі праваслаўныя, каталікі, стараверы, іўдзеі, мусульмане і пратэстанты.
У 1795 годзе ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Падчас Айчыннай вайны з Напалеонам у Відзах знаходзілася стаўка Барклая дэ Толі, потым – Мюрата. Таму Відзы адчувальна пацярпелі ў выніку баёў паміж адыходзячымі французамі і расійскім войскам.
У Відзы да свайго дзядзькі прыязджаў знакаміты Адам Міцкевіч, які ў той час вучыўся ў Віленскім універсітэце; тут жа жыў у 1820-х гадах расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст Аляксандр Поджыа.
У 1835 годзе мястэчка, якое актыўна развівалася, спасцігла страшная бяда. Пажар, які моцна разгарэўся, знішчыў жыццё большай часткі насельніцтва. Аднак Відзы паўсталі з попелу. У 1860 годзе тут было ўсяго 498 жыхароў, а ў 1893 – ужо 5800.
У 1914 годзе ў Відзах з'явілася іх галоўная славутасць – другі па вышыні ў Беларусі неагатычны касцёл, першапачаткова асвячоны ў гонар Святой Тройцы. У наш час ён завецца касцёлам Раства Панны Марыі. Вышыня дзіўнага помніка архітэктуры разам са шпілямі складае цэлых 59 метраў! Вышэй толькі касцёл у Гервятах (61 метр).
Падчас Першай сусветнай вайны Відзы былі акупаваны нямецкімі войскамі і моцна пацярпелі ад ваенных дзеянняў. Па выніках Рыжскай дамовы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1939 годзе – у складзе БССР, праз год атрымалі статус гарадскога пасёлка. За час акупацыі гітлераўцамі ў Відзах было загублена больш за чатыры тысячы чалавек, з іх толькі 2708 яўрэяў загінула ва ўладкаваным фашыстамі Відзенскім гета.