Лучай

Гісторыя вёскі Лучай пачалася ў сярэдзіне XVI стагоддзя, калі гэтае месца ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводства і знаходзілася ў валоданні шляхецкага роду Забярэзінскіх.

Назва вёскі паходзіць ад геаграфічнага тэрміна "лука" і абазначае "доўгі выгін ракі, дуга, заліў з паўвостравам, якія маюць выразны контур".

Паводле легенды, жыла тут калісьці прыгожая дзяўчына. Усім добрая была прыгажуня, вось толькі вочы ў яе былі рознакаляровыя: адно блакітнае, як неба ў ясны дзень, а іншае чорнае, як ноч. І пакахала гэта дзяўчына наравістага хлопца. Пасмяяўся над прыгажуняй хлопец і сказаў, што з-за колера вачэй ніхто і ніколі не зможа яе пакахаць.

Заплакала дзяўчына, і выцяклі з яе вачэй два азёры: чыстае і празрыстае возера Лучайскае і каламутнае возера Лісіцкае. Аб’ядноўвае гэтыя азёры рака Лучайка, у выгіне якой і размешчана маляўнічае месца - вёска Лучай.

За некалькі стагоддзяў свайго існавання вёска не раз знаходзіла новых гаспадароў і ў розны час знаходзілася ва ўласнасці Юндзілаў, Глебавічаў, Шэметаў і Рудамінаў. Аднак найвышэйшага росквіту Лучай дасягнуў пры Агінскіх.

У 1731 году гэта месца набыла Альжбета Агінская, у замужжы Пузына. У гэтым жа годзе ў Лучаі была заснавана місія віленскага калегіўма езуітаў. У 1766 годзе пры фінансавай падтрымцы Альжбеты і яе мужа быў закладзены каменны касцёл у стылі барока з элементамі класіцызму.

Касцёл у Лучаі стаў апошнім помнікам езуіцкай архітэктуры. Яго будаўніцтва было завершана толькі праз дзесяць гадоў, у 1776 годзе, ужо пасля выгнання езуітаў з тэрыторыі Вялікага княства.

Сёння касцёл Святога Тадэвуша з'яўляецца галоўнай архітэктурнай выбітнасцю вёскі Лучай. У касцёле да нашых дзён захаваліся фрэскі, выкананыя ў тэхніцы грызайль, якія імітуюць скульптурныя кампазіцыі. Аўтарам трохмерных фрэсак з'яўляецца знакаміты беларускі мастак Антон Анташэўскі. На жаль, захавалася толькі частка ўнікальных фрэсак. Больш за палову з іх схавана карцінамі сучасных мастакоў.

Лучайскі касцёл доўгія гады быў хатнім храмам мясцовай шляхты. Простым людзям забаранялася нават праязджаць побач з ім, каб не разбіваць дарогу. Касцёл Святога Тадэвуша быў часткай палацава-паркавага комплексу. Апроч касцёла, у яго ўваходзіла плябанія - месца жыхарства каталіцкіх святароў. Побач з касцёлам размяшчаўся двухпавярховы каменны будынак, акружаны паркам.

Плябанія, як і касцёл, захавалася да нашых дзён. А вось лёс сядзібнай хаты быў трагічным. Сядзібу зруйнавалі падчас фашысцкай акупацыі. Сёння асабняк можна ўбачыць у выглядзе макета на нешматлікіх фатаграфіях.

Доўгія гады касцёл Святога Тадэвуша выкарыстоўваўся савецкай уладай як склад будаўнічых матэрыялаў. Толькі ў канцы ХХ стагоддзя касцёл быў вернуты вернікам.

Сёння касцёл Святога Тадэвуша з'яўляецца цэнтрам культурнага жыцця вёскі Лучай. Тут гучыць арганная музыка, а таксама праводзяцца святы і масавыя мерапрыемствы.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу