Іказнь
Іказнь
У 14 кіламетрах на ўсход ад Браслава, на беразе маляўнічага возера Іказнь утульна размясцілася невялікая вёска з аднайменнай назвай.
Паводле легенды, даўным-даўно ў гэтых месцах жыў крыважэрны пан, які караў смерцю прыгонных сялян на беразе. Ад слова "караць смерцю" пайшла назва возера, а пазней і вёскі. Па другой версіі, назва возера Іказнь мае балтыйскія карані і перакладаецца са старалітоўскай мовы як "акно".
Гістарычная даведка пра вёску.
Гісторыя вёскі Іказнь цесна звязана са шляхецкім родам Сапегаў. Яна пачалася ў 1499 годзе, калі гэтыя землі сталі ўласнасцю браслаўскага старасты Івана Сапегі. Ён набыў гэта месца за "дзвесце грошаў шырокіх" і, у адпаведнасці з прывілеем вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка, атрымаў права на заснавенне і будаўніцтва тут "места і замка".
Каменна-драўляны замак быў пабудаваны Іванам Сапегам у 1504 годзе. Ён складаўся з дзвюх частак – замка і падзамка – і размяшчаўся на безназоўнай выспе, якую абмывалі воды возера Іказнь. Іказненскі замак меў важнае стратэгічнае значэнне на працягу многіх гадоў. На жаль, ад замка не засталося і рэшткаў. Ён быў цалкам разбураны рускімі войскамі падчас Паўночнай вайны. Сёння на возеры Іказнь можна ўбачыць толькі востраў Замак з рэшткамі рэдкага для Беларусі астраўнога замчышча.
Мясцовая легенда распавядае, што падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай, калі непрыяцельскія войскі падступалі да замка, у воды возера Іказнь быў скінуты куфар з каштоўнасцямі і золатам, які, дарэчы, дагэтуль не знойдзены. Вось чаму падзямелле Іказненскага замка прыцягвае турыстаў і шукальнікаў скарбаў.
Мясцовыяславутасці.
На беразе возера Іказнь узвышаюцца масіўныя сцены касцёла Божага Цела, пабудаванага ў 1912 годзе на месцы старога драўлянага храма. Касцёл знакаміты тым, што ў ім быў хрышчоны вядомы скульптар Генрых Дмахоўскі. Нягледзячы на тое, што ў савецкія часы тут знаходзілася збожжасховішча, інтэр’ер касцёла застаўся ў нязменным выглядзе з моманту яго заснавання. Захаваліся нават старыя роспісы. Сцены касцёла Божага Цела пабудаваныя з прыроднага каменя, што надае яму незвычайную велічнасць і манументальнасць.
Яшчэ адной архітэктурнай выбітнасцю вёскі Іказнь з'яўляецца Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная ў 1905 годзе. У савецкі час царква была зачынена для вернікаў. З 1966 года тут размяшчаўся склад. Праваслаўныя рэліквіі са Свята-Мікалаеўскай царквы былі вывезены ў Віцебск. У пачатку 90-х гадоў царква зноў адкрыла свае дзверы для вернікаў, аднак ні абразы, ні царскія вароты мясцовым так і не былі вернуты на сваё законнае месца.
Але не толькі мясцовыя легенды і архітэктурныя помнікі прыцягваюць турыстаў у Іказнь. Браслаўшчына – гэта край некранутай прыроды і небывалай прыгажосці нябесна-блакітных азёр. Непадалёку ад возера Іказнь знаходзіцца аграсядзіба "Бальсан", дзе, удалечыні ад гарадской мітусні, можна выдатна адпачыць, парыбачыць і ў поўнай меры нацешыцца прыгажосцямі Браслаўскага краю.