Азярцо
Азярцо
Гэта буйны па мерках вёскі населены пункт з лікам жыхароў у 1320 чалавек (па стане на 2010 год). Непадалёку ад сталіцы Рэспублікі Беларусь (усяго ў 4 кіламетрах ад Мінскай кальцавой дарогі) вёска з такой ласкавай назвай дала прытулак этнаграфічнаму музею пад адырктым небам: Беларускаму дзяржаўнаму музею народнай архітэктуры і побыту. Ён вядомы і папулярны пад назвай Строчыца.
Ад узнікнення ідэі да яе рэалізацыі
Ідэя захавання беларускай даўніны і дэманстрацыі яе аб'ектаў у адным месцы ва ўмовах, набліжаных да натуральных, існавала з пачатку 20 стагоддзя. Увасабляцца яна пачала ў 1976 годзе. Да цяперашняга часу музей налічвае 40 экспанатаў, частка яшчэ рэстаўрыруецца. Але і гатовыя да агляду аб'екты ўяўляюць сабою вельмі значную экспазіцыю.
У сталую частку ўваходзяць экспанаты трох раёнаў: цэнтральнай Беларусі, Паазер'я і Падняпроўя. Перанесеныя сюды аб'екты клапатліва ўсталяваны і гарманічна ўпісаны ў ландшафт.
Вось кароткі пералік найболей знакавых будынкаў, прадстаўленых у музеі. Пералік няпоўны, але ўражлівы:
- драўляныя цэрквы з вёсак Лагновічы, Велец, Барань;
-вятракі з вёсак Даматканавічы, Зелянец, Янушоўка;
-карчма з вёскі Хвоева;
- капліца з вёскі Каралеўцы.
Ёсць і такія аб'екты, назвы якіх могуць узбагаціць слоўнік сучаснага гарадскога жыхара. Напрыклад, «пуня», «гумно». Нават не ўсе бабулі ў сучаснай вёсцы ведаюць значэнні гэтых слоў, не кажучы ўжо пра людзей маладых, якія прызвычаіліся да гарадскога жыцця, што пахне сінтэтыкай.
Даты будаўніцтва большасці аб'ектаў - XVII - XX стагоддзі. Пра ўзрост некаторых канструкцый навукоўцы дагэтуль спрачаюцца. Але наведвальнікам важныя ў першую чаргу не столькі даты пабудоў, колькі пачуццё далучанасці да тых часоў і эпох, калі гэтыя будынкі былі ўзведзены.
Дарагога варты збор такіх самабытных і ў той жа час аўтэнтычных, сапраўдных аб'ектаў архітэктурнай гісторыі ў адной геаграфічнай кропцы. Хоць ты кіно здымай з персанажамі ў нацыянальных гарнітурах. І здымаюць: фільмы, характэрныя кліпы сучасных музычных калектываў - беларускіх і расійскіх.
Апроч сталай экспазіцыі праходзяць выстаўныя мерапрыемствы этнаграфічнага характару, пастановачныя спектаклі, прымеркаваныя да свят, падзей, народных гулянняў.
Працаўнікі музея практыкуюць правядзенне выязных мерапрыемстваў культурна-асветніцкага плану, але, безумоўна, асабліва добра спасцігаць атмасферу музея, смакаваць задумкі аўтараў і асаблівасці ўвасаблення - тут, у вёсцы Азярцо.
Сучасны падыход да папулярызацыі народнай культуры
Спалучэнне ўнікальнай ідэі сабраць помнікі беларускага народнага дойлідства ў адным даступным для наведвальнікаў месцы, выдатная арганізацыя турыстычнага бізнесу, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі, якія адказваюць за вывучэнне гісторыі і культуры, запал і прафесіяналізм адказных працаўнікоў музея і раённых улад - такі сплаў не мог не прынесці вынік. І вынік выдатны. Кожны чалавек, які прыязджае сюды, вязе дадому масу ўспамінаў, часцінку Беларусі ў душы і жаданне вярнуцца сюды яшчэ не раз. Ласкава запрашаем!