Чэрвень

Горад Чэрвень: гісторыя аднаго перайменавання

Дзіўна парой складваюцца лёсы гарадоў. Яны ў чымсьці падобныя да лёсаў людзей: бывае ж такое, што чалавек жыве з адным імем, а потым бярэ і змяняе яго. І тады, з новым імем ён пачынае зусім іншае жыццё.

Да 1923 года горад Чэрвень насіў назву Ігумен. Паводле легенды, ён быў так названы ў гонар жаночага манастыра, які быў створаны згодна з наказам грэцкай ігуменні. Аднак гэта не больш чым легенда, і дакладнага паходжання назвы Ігумен гісторыкі не ведаюць. Сваё новае імя горад атрымаў ад беларускага "чэрвень" - назвы аднайменнага месяца. Аднак і дагэтуль першае імя горада не забываецца. Так, да прыкладу, Чэрвень знаходзіцца на рацэ Чарвянка - яна ж Ігуменка; у мястэчку ёсць універмаг пад назвай Ігуменскі.

Ад маёнтка да горада

Самае першае згадванне пра Ігумен адносіцца да 1387 года. У XV стагоддзі Ігумен належаў Кежгайловічам, а таксама быў царкоўным мястэчкам. Толькі ў 1795 годзе мястэчку быў прысвоены статус горада. 22 студзеня 1796 года горад Ігумен атрымаў свой уласны герб. На ім быў намаляваны серабрысты букет кветак, над якім віліся пяць пчол. Тлумачэнне, чаму выява герба была менавіта такой, даволі цікавае. Вядома, што асноўным заробкам жыхароў у тыя часы з'яўлялася пчалярства. У жыхароў горада і цяпер ёсць пчальнікі, а Чэрвеньскі раён лічыцца свайго роду цэнтрам Беларусі па падрыхтоўцы пчаляроў. Герб Чэрвеня, дарэчы, дзейнічае дагэтуль.

У пачатку XX стагоддзя ў горадзе працавалі дзве гарбарні, адкрылася гарадская вучэльня, а таксама бальніца. У 1924 годзе горад стаў раённым цэнтрам. Чэрвень перажыў прыход савецкай улады, акупацыю нямецкімі і польскімі войскамі. Па сапраўднаму чорнай пазнакай для гэтай мясцовасці стала вайна: у самім толькі Чэрвені з шасці тысяч жыхароў, якія жылі тут да пачатку вайны, было знішчана 4265 чалавек.

Адлегласць - не перашкода

Усяго 62 кіламетры аддзяляюць Чэрвень ад Мінска. Адлегласць ад Чэрвеня да чыгуначнай станцыі Пухавічы складае 30 кіламетраў. Горад знаходзіцца недалёка ад аўтамабільнай трасы М4 Мінск-Магілёў.

Тэрыторыя Чэрвеня з цягам часу пачала пашырацца, да яе далучыліся былыя землі мястэчкаў Мірны і Загор’е. Паводле дадзеных за 01.04.2016 год, у горадзе Чэрвень пражывае 9718 чалавек. Насельніцтва занята на розных прадпрыемствах, якія плённа працуюць і развіваюцца. Галоўным чынам пераважаюць фабрыкі і заводы харчовай, дрэваапрацоўчай і лясной прамысловасці.  

Аб'яднаныя горам

Горад пацярпеў не толькі падчас вайны, але і пасля яе. У Чэрвені ў часы сталінскіх рэпрэсій былі расстраляны не толькі грамадзяне Беларусі, але і жыхары Літвы і Польшчы. На тэрыторыі горада размешчаны помнікі, якія нагадваюць нашчадкам пра тыя страшныя падзеі. Кожны год, у канцы чэрвеня, на месцы расстрэлу праходзяць жалобныя цырымоніі ў памяць пра загінулых ахвяр вайны.

Выдатныя мясціны Чэрвеня

Пазнаць гісторыю Чэрвеня падрабязней, а таксама разгледзець старадаўнія фатаздымкі можна ў краязнаўчым музеі горада. У межах горада размешчаны старыя яўрэйскія могілкі, а на яго вуліцах ёсць мноства старадаўніх пабудоў, гістарычных помнікаў. Накрыклад, на вуліцы Мінскай у гонар вызвалення Чэрвеня і яго раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на насыпным кургане пабудаваны помнік у выглядзе гарматы.

У горадзе вы зможаце наведаць Крыжаўзвіжанскі касцёл, а таксама царкву Святога Мікалая.

Хто ведае, як бы склаўся лёс горада, не памяняй ён назву Ігумен на імя Чэрвень. Гэта яшчэ адна таямніца гісторыі, на якую знайсці адказ ужо немагчыма. У любым выпадку, у Беларусі быў створаны яшчэ адзін населены пункт са сваёй непаўторнай гісторыяй.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу