Поразава

Невялікае мястэчка гарадскога тыпу з цікавай назвай Поразава знаходзіцца ў маляўнічым кутку Свіслацкага раёна Гродненскай вобласці. Пра паходжанне яго назвы захавалася цудоўная легенда. У спрадвечныя часы праз землі мястэчка ехала князёўна. Пры пераправе праз раку яе карэта завязла, а мясцовыя жыхары з дапамогай вяровак выцягнулі экіпаж. Князёўне стала цікава, як завецца прыстасаванне, з дапамогай якога яе вызвалілі. Ёй адказалі - "Поўразы". Тады і загадала яна заснаваць на гэтым месцы паселішча і назваць яго Поўразы. З цягам часу назва трохі змянілася і ператварылася ў Поразава. 

Ад старажытных часоў да сучаснасці

Гістарычна мястэчка Поразава стала вядома яшчэ з пятнаццатага стагоддзя. Тады гэта былі землі караля, якія адносіліся да Ваўкавыскага павета Наваградскага ваяводства ВКЛ. Ужо ў 1523 годзе мястэчка атрымлівае Магдэбургскае права, а з 1616 і ўласны герб.

У 1795 годзе ўваходзіць у склад Расійскай імперыі і становіцца дзяржаўным маёнткам, які належыў да Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губерніі. Актывізуецца будаўніцтва хрысціянскіх храмаў: у 1825-1828 з'яўляецца каталіцкі храм, названы ў гонар Архангела Міхаіла, трохі пазней, у 1872 - праваслаўная Траецкая царква.

Вядомасць мястэчку прынесла будаўніцтва на яго тэрыторыі выдатна захаванага помніка драўлянага дойлідства XIX стагоддзя - Поразаўскай сядзібы, празванай "Багудзенкі". Узнікненне помніка архітэктуры звязана, у першую чаргу, з дынастыяй Бутаўт-Андрэйкавічаў, якая ў той час валодала парозаўскімі землямі. Назва самой сядзібы ўтворана ад гульні слоў - польскай фразы "Bogu dzieki!", што ў перакладзе азначае "Дзякуй богу!". Паводле адной з версій, калі першыя людзі на зямлі, Адам і Ева, былі выгнаны з Эдэмскага саду, яны спыніліся адпачыць на пагорку каля мястэчка і ўсклікнулі: "Богу дзянькі, ужо Поразава відаць!". Па другой версіі, фразу "Богу дзянькі!" прамаўляе пан, які выкраў маёнтак у другога пана і ўзнёс пахвалу Богу за гэта. Нягледзячы на даволі сціплыя памеры самога гаспадарскага дома, ён славіцца на ўсю Беларусь, а турыстаў дзівяць выдатна захаваныя фасады помніка архітэктуры.

Мястэчка паступова расце, у канцы XIX  стагоддзя тут пражывае больш за шасцьсот жыхароў. Затым Поразава становіцца вядомым як цэнтр керамістыкі. У тыя часы на поразаўскай зямлі жыло і працавала каля двухсот майстроў-керамістаў.

У 1921 годзе Поразава становіцца часткай міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1937 па ініцыятыве мясцовых жыхароў будынак быў выкуплены, у ім планавалася арганізаваць шпіталь і жылыя памяшканні для дактароў. Планам трохі перашкодзіў пачатак Другой сусветнай вайны, аднак да канца 1939 шпіталь усё ж быў заснаваны і праіснаваў да 2002 года ў якасці Поразаўскай гарпасялковай лякарні.

Выдатна захаваны парк вакол сядзібы, непаўторная беларуская прырода, якой так славіцца наша радзіма - усё гэта чакае кожнага турыста, які прыезджае ў Поразава. Тут можна дакрануцца да гісторыі, убачыць сваімі вачыма, як жылі беларускія паны ў ХІХ стагоддзі.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу