Ельск

Дзесяцітысячны горад з назвай Ельск размешчаны на поўдні Гомельскай вобласці. Насуперак распаўсюджанай памылцы, назва мястэчка зусім не звязана з елкай. Гэтыя хвойныя дрэвы ніколі не раслі ў наваколлях горада. Таксама мовазнаўцамі даказана, што суфікс -ск ніколі не выкарыстоўваўся пры ўтварэнні айконімаў, якія паходзілі ад назваў раслін. Затое ён выкарыстоўваўся пры ўтварэнні імёнаў ад назваў вадаёмаў, таму самая верагодная версія з існуючых на дадзены момант – тая, што слова Ельск пайшло ад назвы рэчкі Елы ці Елкі, якая працякала па яго тэрыторыі ў старадаўнія часы. Назвы рэк і вадаёмаў, якія пачыналіся са спалучэння складоў "ел", часцей за ўсё былі ўтвораны ад фіна-вугорскай асновы "ед", што і перакладалася як “крыніца, лясны ручай, рэчка”.

Цудоўная палеская прырода, старадаўняя архітэктура, помнік драўлянага дойлідства – Свята-Траецкая царква, пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя – усё гэта прыцягвае турыстаў з усіх куткоў Беларусі.

Гісторыя горада Ельск

З'яўленне мястэчка на картах Беларусі датуецца XVI стагоддзем. Тады гэта было невялікае паселішча, якое ўваходзіла ў склад Мазырскага павета ВКЛ. Яно прыналежала французскім арыстакратам роду Спадаў, якія былі вымушаны эміграваць з радзімы ў сувязі з рэлігійнымі ганеннямі. Затым Ельск пераходзіць у рукі рода Аскеркаў, следам за імі – рода Сулістроўскіх. Падпісанне Люблінскай уніі ў 1569 годзе аддало ўладу над тэрыторыяй Ельска Рэчы Паспалітай. Тады мястэчка атрымала новую назву – Каролін. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Ельск стаў часткай Міхалкаўскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерніі. У той час ён у другі раз мяняе імя і пачынае звацца Мікалаевам. І толькі ў 1931 гораду была вернута яго гістарычная назва.

У 1873 году на тэрыторыі Ельска будуецца чыгуначная станцыя, што прыводзіць да павелічэння тэмпаў развіцця мястэчка. З 1941 па 1944 гады Ельск знаходзіцца ў акупацыі. Пасля вайны насельніцтва мястэчка расце, актыўна развіваецца прамысловасць. Ужо ў 1971 годзе Ельск становіцца горадам.

Выдатныя мясціны

Візітная картка Ельска – Свята-Траецкая царква, пабудаваная ў 1770-ые гады. Сваё сучаснае аблічча царква здабыла толькі праз сто гадоў з дня будаўніцтва. Яна з'яўляецца архітэктурным шэдэўрам, выдатна захаваным помнікам драўлянага дойлідства тых часоў, і ўпрыгожвае мястэчка і зараз. З будаўніцтвам царквы звязана прыгожая легенда. У 1757 мясцовы селянін Іван Дзідзько шукаў заблудных валоў. Доўга праблудзіўшы па акрузе, ён знайшоў свой статак, якога прываражыла незвычайная карціна: абраз Божай Маці, які свяціўся ў галінах грушы. На месцы з’яўлення іконы і было вырашана ўзвесці храм. Неўзабаве на гэтым месцы сталі адбывацца цуды. У Ельск сцякаліся вернікі розных канфесій. Цуды, якія здараліся тут з 1773 па 1787 год, былі пералічаны на польскай мове і захоўваліся ў вёсцы Мялешкавічы. Сама ікона была страчана ў савецкія часы.

Увагі заслугоўвае і Ельскі краязнаўчы музей. Ён адрозніваецца наяўнасцю калекцыі цудоўных карцін, напісаных мясцовым мастаком Міхасём Засінцом. Акрамя таго, у музеі прадстаўлены 3600 экспанатаў, якія пазнаёмяць наведвальнікаў з прадстаўнікамі мясцовай флоры і фауны.

Варта паглядзець мемарыял, які назаваецца "Ахвярам 20-га стагоддзя". Ён прысвечаны не толькі ахвярам вялікіх войн XX стагоддзя, але і пацярпелым ад самай буйнай тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя – выбуху на Чарнобыльскай АЭС. З манументам звязаны цікавы факт: першапачаткова ён знаходзіўся ў вёсцы Некрашоўка, якая знікла з твару зямлі ў выніку чарнобыльскай катастрофы. Пасля гэтага мемарыял быў перанесены ў Ельск. 

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу