Ружаны

Старажытнае мястэчка Ружаны шырока вядомае ў нашай рэспубліцы і па-за яе межамі дзякуючы палацу Сапег, змешчанаму тут. Горад знаходзіцца ў маляўнічай пагорыстай мясцовасці, недалёка працякае рака Ружанка, якая і дала яму назву.

Гістарычная хроніка

Упершыню згадванне пра Ружаны сустракаецца ў хроніках у канцы XV стагоддзя. У часы ВКЛ Ружаны славіліся сваімі рамеснікамі. Тут праводзіліся шматлюдныя кірмашы, выраблялася сукно, мастацкія паясы і дываны высокай якасці, якія мелі поспех не толькі ва ўладальнікаў гэтых тэрыторый, але сярод прыезджых пакупнікоў. 

У 1552 годзе іх уладальнікам становіцца знакаміты род Тышкевічаў, затым - род Брухальскіх. А ў 1598 годзе землі Ружан купляе адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў хвалебнага роду Сапег - Леў Сапега, дзякуючы якому мы зараз можам нацешыцца веліччу палацавага ансамбля. На набытых землях ён разгортвае грандыёзнае будаўніцтва, і ўжо ў пачатку XVII стагоддзя ў Ружанах з'яўляецца палацавы комплекс, які спалучаў у сабе рысы барока і класіцызма. Палац хутка здабыў славу культурнага і палітычнага цэнтра падуладных Сапегам земляў. У скляпах палаца захоўвалася дзяржаўная казна ВКЛ і арсенал, тут некаторы час захоўваліся мошчы Святога Казіміра (менавіта яго выява і знаходзіцца на гербе Ружан, у вянку з руж на срэбным фоне).

Ужо ў 1637 годзе Ружанам было падаравана Магдэбургскае права, а таксама з'явіўся герб.

Ружанскі палац спалучаў у сабе парадную пышнасць з абарончай функцыянальнасцю, але і гэта не выратавала яго ад разбурэння. Вайна са шведамі, якая пранеслася па гэтых тэрыторыях, прывяла да яго спусташэння. Аднак усё ж палац выстаяў і пры Аляксандры Сапезе здабыў другое жыццё. Уладар запрасіў Яна Бекера, каб той правёў рэканструкцыю комплексу, у выніку чаго палац згубіў абарончую функцыянальнасць. Такім чынам, у другой палове XVIII стагоддзя палац у Ружанах стаў вытанчанай рэзідэнцыяй Сапег, якая прыгажосцю не саступала палацам Версаля. Комплекс складаўся з будынкаў палаца, тэатра (дарэчы, гэтая пабудова з'яўлялася адной з самых вялікіх у ВКЛ), манежа, бібліятэкі, галерэі і двух службовых будынкаў, што размяшчаліся поруч уязных варот.

У 1784 годзе Аляксандр Сапега ўладкаваў тут прыём з нагоды прыездам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які завітаў на Гарадзенскі сойм.

Аднак неўзабаве, у 1786 годзе Сапега пераносіць сваю рэзідэнцыю ў Дарэчын, здаючы Ружанскі палац у арэнду. А пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка страціла сваё Магдэбургскае права.

Падчас паўстання 1830-31 гадоў ружанскія землі былі адабраны ў Сапег, а ў 1834 намаганнямі прадпрымальніка, які ўзяў палац у арэнду, у некалі пышных пакоях разгарнулася ткацкая вытворчасць.

Больш за ўсё разбурэнняў помніку архітэктуры нанеслі вялікія войны дваццатага стагоддзя. 1914 год знік з твару зямлі галоўны будынак палаца, а праз трыццаць гадоў, у 1944 годзе былі знішчаны тэатр і манеж.

Нягледзячы на тое, што ў выдатным палацы толькі ў 2008 годзе пачалася рэстаўрацыя, ён дагэтуль дзівіць сваёй прыгажосцю і пышнасцю. Акрамя таго, у Ружанах варта паглядзець старажытныя культавыя будынкі: касцёл Святой Тройцы, царкву Святога Пятра і Паўла і капліцу Святога Казіміра, якія дайшлі да нашых часоў у выдатным стане.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу