Расна

На дарозе, якая вядзе з Камянца ў Высокае, знаходзіцца вёска з цікавай назвай Расна. Існуе меркаванне, што паходзіць яна ад слова "ря(а)сно" - хораша, шчодра. Сапраўды, шчодрая вёсачка не толькі сваёй назвай, а яшчэ і багатая адразу некалькімі помнікамі архітэктуры, якія адрозніваюцца добра захаваным некранутым часам абліччам.

Гістарычны агляд: гаспадары вёскі Расна і іх уклад у развіццё нацыянальнай архітэктурнай спадчыны Беларусі

Упершыню згадванне пра вёску Расна сустракаецца ў Статуце Вялікага княства Літоўскага ў 1466 годзе. Запіс абвяшчае, што маёнтак быў набыты шляхцічам Баярскім у Трачэвіча. Затым вёскай валодаў Ігнат Мікіціч, а пасля яго маёнтак пераходзіў ад аднаго шляхецкага роду да іншага: ад Храптовіча да Ёдкі, Пяткевічаў, Хлявіцкіх, Войнаў. У 1647 годзе маёнтак набыў Павел Ян Сапега, які ў будучым стане гетманам ВКЛ. Менавіта дзякуючы Сапегам у вёсцы з'явілася драўляная сядзіба з паркам вакол яе. Таксама быў пакладзены пачатак цудоўнай традыцыі праводзіць знакаміты на ўсё Вялікае княства Літоўскае кірмаш, прымеркаваны да дня Святога Іллі. Самым хадавым таварам на кірмашах былі коні, якіх прыганялі з тэрыторыі Украіны і Малдовы. Паколькі попыт на жывёл толькі рос, ён прывёў да таго, што ў Расне і Высокім аселі яўрэі, што прынеслі свае традыцыі ў Беларусь. Яны пабудавалі сінагогу, адкрылі крамы і ўсяляк спрыялі росту дабрабыту Камянецкага раёна.

Доўгі час тэрыторыі, падпарадкаваныя Сапегам, квітнелі, развіваліся і пашыраліся. Аднак эканамічнаму росквіту прыйшоў канец падчас Паўночнай вайны, калі тэрыторыі Расны і Высокага пацярпелі ад ваенных дзеянняў, разгорнутых на Камянецкіх землях. У 1722 годзе Расна была прададзена за даўгі Юзэфу Матушэвічу. Такім чынам, Сапегі працягвалі валодаць толькі Высокім. Юзэф Матушэвіч, глыбока набожны чалавек, запрасіў у Беларусь італьянскіх манахаў-марыян, для якіх распачаў будаўніцтва касцёла святой Ганны. Будаўніцтва было скончана толькі наступнымі гаспадарамі земляў - Грабоўскімі. Па заканчэнні будаўніцтва ён жа стаў усыпальніцай Грабоўскіх, а ў савецкія часы выкарыстоўваўся як склад.

Сын Юзэфа Матушэвіча Марцін, які таксама быў чалавекам верацерпным і талерантным, пабудаваў на тэрыторыі вёскі Расна ўніяцкую царкву. Пасля адмены ўніі ў 1839 году яна была ператворана ў праваслаўную царкву Св. Арханёла Міхаіла. На жаль, мясцовая атэістычная ўлада прыняла рашэнне знішчыць драўляную царкву, таму двухсотгадовая пабудова не захавалася. На яе месцы толькі ў 1991 году была закладзена праваслаўная царква з цэглы.

Калі Грабоўскія сталі новымі гаспадарамі Расны, яны ўзвялі на яе тэрыторыі раскошную каменную сядзібу, якая, нажаль, таксама не захавалася да нашых часоў. Аднак нядрэнна захаваліся фрагменты дзвюх буйных гаспадарчых пабудоў XIX стагоддзя - свірана і бровара. Яны пабудаваны з прыгожых камянёў і цэглы, упрыгожаны чырвоным і чорным друзам і ўяўляюць сабою цудоўныя помнікі архітэктуры эпохі неакласіцызму.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу