Перкавічы

Вёска Перкавічы знаходзіцца ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Па меркаванні даследнікаў, яе назва паходзіць ад імя паганскага бога Пяруна, які з'яўляўся вярхоўным богам славянскага пантэона. Гэта звязана з тым, што, па версіі навукоўцаў, калісьці  на тэрыторыі Перкавіч знаходзілася свяцілішча, прысвечанае богу грома і маланкі.

Гісторыя і сучаснасць

Перкавічы - вёска XV стагоддзя, якая ўпершыню згадваецца ў хроніках у 1499 годзе. Паселішча набыло вядомасць, у першую чаргу, дзякуючы сядзібе роду Віславухаў, у якой сёння размяшчаецца санаторная школа-інтэрнат. Будынак актыўна выкарыстоўваецца і падтрымліваецца ў выдатным стане.

Віславухі сталі ўладальнікамі вёскі ў 1756 годзе. Будаўніцтва сядзібы было распачата Зянонам Віславухам у 1805 годзе і працягнута яго сынам, маршалкам пружанскім Віктарам. Адначасова з будаўніцтвам сядзібы быў закладзены парк, які, насуперак тагачаснай модзе на пейзажную планоўку, атрымаў рэгулярнае афармленне з сіметрычнай кампазіцыяй. У былыя часы ў парку расло мноства экзатычных парод дрэў, аднак да нашага часу парк захаваўся толькі часткова. Асноўная паркавая алея спалучала сядзібу і ўніяцкую царкву, фасады якіх былі размешчаны тварам адзін да аднаго.

Асобнай увагі заслугоўвае змешчаная ў парку альтанка, якую называюць "каралеўскай". Сваю назву яна атрымала пасля наведвання Перкавіч каралём Рэчы Паспалітай Станіславам-Аўгустам Панятоўскім. 

Цэнтрам палацава-паркавага ансамбля ў Перкавічах з'яўляецца радавое гняздо рода Віславухаў. Сядзіба - гэта капітальны двухпавярховы будынак, збудаваны ў адпаведнасці з традыцыямі позняга класіцызму, падчас невялікіх касметычных рэканструкцыйных і рамонтных работ франтальная веранда набыла рысы рэнесансу. У будынку налічвалася сямнаццаць пакояў, абстаўленых дарагой драўлянай мэбляй з ясеня і дуба. Практычна без змен палац праіснаваў да Вялікай Айчыннай вайны. Пры пераўтварэнні рэзідэнцыі ў школу-інтэрнат реканструктары пакінулі ранейшым толькі вонкавае аблічча будынка, інтэр'еры так і не былі адноўлены. Тым не менш, рэзідэнцыя Віславыхаў у Перкавічах засталася самабытным і арыгінальным помнікам, які варта наведаць.

Прыгожым архітэктурным помнікам, выкананым, як і ўвесь палацава-паркавы ансамбль, у стылі класіцызму, з'яўляецца ўніяцкая царква, будаўніцтва якой было распачата адначасова з пасадкай парку. Сто пяцьдзесят гадоў яна дзейнічала, у ёй праводзілі набажэнствы. Доўгі час царква захоўвала сваё першапачатковае аблічча. Пазней царква пачала называцца Храмам Прачыстай Святой Багародзіцы. У ёй знаходзіцца прах біскупа  Тарлецкага, які стаяў у вытокаў уніі, а таксама размешчаны фамільны склеп Віславухаў, у якім знаходзяцца рэшткі Зянона і Фелікса Віславухаў з іх жонкамі. У 60-ые гады XX стагоддзя, калі да ўлады прыйшлі атэісты, царква паўтарыла сумны лёс сотняў хрысціянскіх храмаў - яна была знішчана. Толькі ў 1990 годзе яе аднавілі і зноў адкрылі для вернікаў дзверы храма.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу