Бяроза

На беразе невялікай рэчкі Ясельда, што працякае на Брэстчыне, раскінулася ціхае мястэчка з мілай назвай Бяроза.

Уся гісторыя гэтага прыгожага і ўтульнага горада старажытная і неадназначная. Заснаваны яшчэ ў 1477 годзе, ён то быў горадам у складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, то ўваходзіў у склад Расійскай імперыі, потым стаў ізноў польскім горадам, і толькі ў 1939 годзе ўвайшоў у склад БССР.

Гуляючы па вулачках Бярозы, можна спаўна акунуцца ў эпоху Сярэднявечча: такім упершыню паўстае гэты гарадок перад тым, хто яшчэ ніводнага разу не наведваў гэтыя мясціны. Толькі тут можна ўбачыць унікальныя помнікі культуры, і адзін з іх - руіны манастыра картэзіянцаў 17 стагоддзя. Яшчэ ў 1648 годзе гэты манастыр пачаў будаваць канцлер Вялікага княства Літоўскага Казімір Леў Сапега, які потым і запрасіў з Францыі манахаў-картэзіянцаў. Дарэчы, прыкметны Картэзіанскі манастыр у Бярозе яшчэ і тым, што быў адзіным прадстаўніком гэтага ордэна ў ВКЛ. Захапленне выклікае і Бярозаўская Петрапаўлаўская царква - раскошны помнік архітэктуры так званага руска-візантыйскага стылю. Варта адзначыць, што Бярозаўская ўніяцкая царква існавала ўжо з 1618 года. Згодна з некаторымі крыніцамі, яе будаўніцтва прыпісваецца таксама Льву Сапегу. У Бярозе можна ўбачыць і знакамітыя "Чырвоныя Жаўнерні", пабудаваныя ў 1870 годзе з чырвонай цэглы, якая засталася ад разбуранага манастырскага касцёла.

Варта наведаць Бярозаўскі краязнаўчы музей, размешчаны ў дзвух будынках з заламі, якія займаюць плошчу больш за 422 кв. м. Агульная колькасць музейных экспанатаў складае больш за 32 тысячы, яны размяшчаюцца ў трох сталых і шасці часавых вандроўных экспазіцыях.  Ёсць у Бярозе і свая галерэя мастацтваў, адкрытая ў 2004 годзе. Дарэчы, Бярозаўская мастацкая галерэя займае памяшканні знакамітых "Чырвоных Жаўнерань".

Сёння на Бярозаўшчыне налічваецца 114 гісторыка-культурных помнікаў, з іх 15 аб'ектаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Калі праехацца па раёне, то можна ўбачыць Чарнякоўскую Свята-Мікалаеўскую царкву, пабудаваную ў 1725 годзе, Старапяскоўскі сядзібна-паркавы комплекс, які адносіцца да 19 стагоддзя, Сігневічаўскі Рымска-каталіцкі касцёл Святой Дзевы Марыі. Варты ўвагі і мемарыяльны комплекс "Здзітаўская абарона", які ўсталяваны на месцы баёў, якія адбыліся ў 1944 годзе ў вёсцы Здзітава.

Нягледзячы на тое, што горад Бяроза размешчаны ў 120 кіламетрах ад Брэста, дабрацца да яго параўнальна лёгка. Можна цягніком ці аўтобусам – спрыяе месцазнаходжанне Бярозы на чыгуначнай і аўтамабільнай магістралі Масква-Менск-Брэст.

Акрамя таго, на Бярозаўшчыне ёсць проста ўнікальныя месцы для адпачынку - гэта ціхія  азёры Белае, Чорнае і Спораўскае, вадасховішча Сялец, урочышчы Буды, Галавіцкі, Бронная гара. Такое воднае багацце тлумачыцца тым, што Бярозаўскі раён займае з аднаго боку частку ляснога заказніка Спораўскі і з іншага - частку заказніка Буслоўка. Турысты могуць адпачыць і ў аздараўленчым цэнтры "Брэстэнерга", і ў аграсядзібах "Спораўская" і "Шчодры заяц".

Трэба ведаць, што нягледзячы на сваю невялікую колькасць насельніцтва - сёння Бяроза налічвае ўсяго каля 30 тысяч жыхароў - мясцовая прамысловасць горада добра знаёмая як у рэспубліцы, так і за мяжой. Больш за дзясятак буйных прадпрыемстваў налічваецца тут, найбольш вядомыя ўсім сваёй прадукцыяй Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Бярозаўскі сыраробны камбінат. Нельга абмінуць увагай яшчэ адно значнае прадпрыемства - гэта Бярозаўская ДРЭС, якая забяспечвае электраэнергіяй не толькі ўсю Брэсцкую вобласць, але і накіроўвае яе на патрэбы ўсёй рэспублікі.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу