24.06.2021

Чэрвень 2021 выдаўся на рэдкасць гарачым. Пакуль Белгідрамет фіксуе чарговае перавышэнне тэмпературных нормаў і асцярожна прагназуе надвор'е на будучыя дні, беларусы і госці нашай краіны ратуюцца ад спякоты ўсімі магчымымі спосабамі.

Адзін з самых дзейсных — акунуцца ў возера ці раку, пасля гэтага і сонейка — у радасць. Прапануем і вам такі занятак, бо Беларусь нездарма клічуць «Сінявокай».

Расказваем, дзе можна купацца і адпачываць у вады ў раённых цэнтрах Беларусі.

Гродна

У Гродна дазволена купанне ў Юбілейным возеры, у Нёмане на пляжы ў раёне Ласосна, у туркомплексе Пышкі, таксама для тых, хто хоча астудзіцца, адкрыты цэнтральны пляж каля Старога маста.

Брэст

Адпачынак каля вады ў Брэсце афіцыйна дазволены на Цэнтральным пляжы абапал ракі Мухавец у раёне месца па бульвары Шаўчэнкі. Адкрыты для адпачываючых пляж «Усход», які размяшчаецца на правым беразе вышэйзгаданай ракі ў раёне Гузнянскага маста. Таксама нацешыцца цяплом можна ў зонах адпачынку «Чырвоны Двор» і яшчэ адной тэрыторыі, размешчанай на вуліцы Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Гомель

У Гомелі для адпачынку каля вады арганізавалі 10 зон. У Цэнтральным раёне горада выкупацца можна на Цэнтральным пляжы, Каскад-1 і Каскад-2, Прудкоўскім і Валатоўскім.

У Савецкім раёне размясціцца каля вады можна на Любенскім, Ропаўскім і Заходнім пляжах.

У Навабеліцкім і Чыгуначным раёнах выбар невялікі: даступныя толькі Навабеліцкі і Азёрны пляжы, адпаведна.

woman-523521_1280.jpg

Віцебск

У абласным цэнтры нацешыцца гарачым летам у вады можна ў парку Пераможцаў, на пляжах у раёнах водазабору № 1, у парках адпачынку Мазурына, імя Фрунзэ, на рацэ Віцьба (у раёне Юбілейнага маста на пр. Люднікава), у парку Пераможцаў, 1000-годдзя і ў Лагунцах.

Магілёў

Жыхары і госці горада могуць паплюхацца ў 5 рэкрэацыйных зонах — Гарадскім пляжы на рацэ Дняпро, на возеры ў мікрараёне Брады, у затоцы Дняпра на Фаціна, на пляжы Святога возера, Пячэрскага лесапарку.

Мінск

У сталіцы купацца дазволена ва ўсіх адведзеных для гэтага вадаёмах. У прыгарадзе можна паплаваць у Мінскім моры (Заслаўскім вадасховішчы), азёрах Пціч, Цнянскім і Камсамольскім, а таксама на вадасховішчах Вяча, Крыніца і Дразды.

Дарэчы, на ўсіх пляжах дзяжурыць АСВОД, але гэта не нагода палохацца. Супрацоўнікі толькі сочаць за бяспекай тых, хто адпачывае, да таго ж яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях.

Жадаем вам выдатнага адпачынку і яркага лета!

Вярнуцца да спісу

Cannot find 'tours' template with page '' Cannot find 'hotels' template with page '' Cannot find 'hotels' template with page ''