Дамжэрыцы

У глушы беларускага лесу, сярод непраходных балот і непралазных бураломаў размяшчаецца невялікае мястэчка Дамжэрыцы. Назва мястэчка пайшла ад старажытнарускага імя Дамажыр, што азначае багатую, "тлустую" хату. Чым жа багата гэта месца?

Тутэйшыя землі здаўна вядомыя шырокімі вадаёмамі, дрымучымі лясамі і велізарнай разнастайнасцю жывёл, якія іх насяляюць.

У Дамжэрыцы не ходзяць аўтобусы, і, здаецца, што гэта вёсачка спецыяльна схавана нечымі клапатлівымі рукамі ад назойлівых вачэй няпрошаных гасцей.  І сапраўды прыязджаюць сюды толькі сапраўдныя знаўцы некранутай прыгажосці беларускай прыроды.

Вёска Дамжэрыцы з'яўляецца цэнтрам Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Тут можна сустрэць шматлікіх прадстаўнікоў беларускай фауны.

Усяго ў кіламетры ад мястэчка знаходзяцца прасторныя вальеры, дзе можна ўбачыць жывёл, якія жывуць у прыродным асяроддзі. У заапарку прадстаўлены дзікі, казулі, алені, а таксама знакамітая пяцёрка найбуйных у Еўропе млекакормячых: лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь.

Дарэчы, у свой час на паляванне ў Дамжэрыцы прыязджаў кіраўнік БССР Пётр Міронавіч Машэраў – тут знаходзілася яго дача. Магчыма, у лясной цішыні, удалечыні ад кабінетнай мітусні Машэраў прымаў важныя дзяржаўныя рашэнні.

Дамжэрыцы размешчаны ў трох кіламетрах ад аўтадарогі Віцебск-Мінск. Турыстам, якія не маюць асабістага транспарта, прыходзіцца дабірацца да вёскі пехатой.

Але так было не заўсёды, калісьці і ў гэтым месцы кіпела жыццё. Па водах Бярэзіны праходзіў знакаміты шлях "з вараг у грэкі". У  1804 годзе тут пабудавалі Саргуцкі канал, які злучыў Балтыйскае і Чорнае мора.

Выкапаны ўручную канал быў ажыўленай воднай трасай больш за стагоддзе, а цяпер ён цалкам страціў сваё транспартнае значэнне. Напамінкам пра былую веліч служаць толькі каменныя адхоны ўздоўж берагоў канала і рэшткі плацін і шлюзаў, парослыя хмызняком. 

Не абыйшлі бокам вёску і шматлікія войны. Тутэйшыя месцы памятаюць падзеі Паўночнай вайны, калі праз Бярэзіну перапраўляліся шведскія войскі. Памятаюць тут і шматлікае Напалеонаўскае войска.

Але асноўныя страты запаведнік панёс у гады Вялікай Айчыннай вайны. Атрады партызан хаваліся на шырокіх балотах у навокал Дамжэрыц. У выніку ваенных дзеянняў былі знішчаны дакументы і калекцыйныя матэрыялы, згарэлі адміністрацыйныя памяшканні і жылыя хаты.

У наш час, дзякуючы клапатлівым рукам супрацоўнікаў запаведніка, Дамжэрыцы сталі цэнтрам турыстычнага жыцця. Штогод сотні турыстаў спыняюцца ў мясцовай гасцініцы "Сергуч", каб у поўнай меры нацешыцца першароднай прыгажосцю беларускай прыроды.

Тут кожны знойдзе занятак па душы. Аматары спакойнага адпачынку едуць у Дамжэрыцы, каб прайсці па маршрутах шматлікіх экалагічных сцежак ці наведаць музей прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Тыя, хто любіць актыўны адпачынак, могуць паспрабаваць свае сілы на трасах Вялікая і Малая мядзведзіца дамжэрыцкага вяровачнага парка "Лясныя забавы".  Што б ні шукалі людзі, якія прыязджаюць сюды, незвычайнае супакаенне і дзіўная прыгажосць гэтых месцаў застануцца ў памяці на доўгія гады.

Карта месцазнаходжаньня


Вярнуцца да спісу